Справаздачны сход акцыянераў ААТ "Міёрскі мясакамбінат" прайшоў з дакладным захаваннем патрабаванняў рэгламенту. Амаль па ўсіх 11 пытаннях парадку дня адбывалася тайнае галасаванне з выкарыстаннем спецыяльных бюлэтэняў.
Зацверджана справаздача кіраўніцтва, прыняты да ведама даклады назіральнага савета і вынікі аўдытарскай праверкі. Падтрымана гадавая справаздача галоўнага бухгалтара. Прыняты рашэнні аб размеркаванні і выкарыстанні прыбытку. Адбылося выбранне назіральнага савета і рэвізійнай камісіі ў новым складзе. Дадзена згода на павелічэнне долі дзяржавы ў выпадку прадастаўлення фінансавай дапамогі. Унесены дапаўненні ў статут у адносінах паўнамоцтваў назіральнага савета і дырэктара. Што засмуціла акцыянераў, гэта адсутнасць дывідэндаў па выніках мінулага года. У чым справа? 2012 год для мясакамбіната склаўся не вельмі ўдала.
Сярод станоўчага — ледзь не ў чатыры разы павялічаны інвестыцыі ў асноўны капітал, забяспечана заданне пад адгрузцы інавацыйнай прадукцыі, экспарт вырас на 11,7%. Але гэта, бадай, усе паказчыкі, са знакам плюс.
Асноўныя страты прынесла рэалізацыя ялавічыны, бо закупачныя цэны на ўнутраным рынку павялічыліся, а экспартныя — зменшыліся. Прыбытак забяспечыў толькі выраб каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў.
Адмоўны ўплыў на фінансавую дзейнасць аказала адсутнасць уласных абаротных сродкаў якраз у час разгортвання будаўніцтва новага халадзільніка. Давялося браць крэдыты пад вялікія працэнты. Гэтыя і іншыя ўмовы сталі прычынай чыстых страт у 21,6 млрд. рублёў.
Перспектывы 2013-га не такія песімістычныя. Ёсць магчымасць выпусціць прадукцыі ў фактычных цэнах на 204 мільярды рублёў пры павелічэнні аб'ёмаў на 22%. У выніку і выручка вырасце на 34%. Вядучым элементам стратэгіі развіцця камбіната з'яўляецца далейшае тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасці на прынцыпова новым тэхналагічным узроўні, што будзе садзейнічаць пашырэнню асартыменту, выпуску новай і інавацыйнай прадукцыі, удзельная вага якой павінна дасягнуць 40%. Сёлетні аб'ём інвестыцый у асноўны капітал павялічыцца ў 6 разоў. За кошт новага абсталявання стане больш глыбокай перапрацоўка сыравіны. Экспарт прадугледжана павялічыць амаль у паўтара раза пры рэнтабельнасці продажу ў 6,5%. Такім чынам рэалізацыя на работніка вырасце на трэць.
Сярод запланаваных мерапрыемстваў рамонт кацельні і каўбаснага ўчастка, паляпшэнне цеплаізаляцыі параправодаў, укараненне энергазберагаючага абсталявання ў сістэме гарачага водазабеспячэння. Нарэшце, сёлета ў канцы года ў эксплуатацыю будзе здадзены модульны халадзільнік. Ён дазволіць перайсці ад замарозкі ялавічыны на экспарт да яе ахалоджвання. Чакаецца, што адно гэта павялічыць рэнтабельнасць рэалізацыі мяса на 5%.
Сёлета пашыраецца фірменны гандаль, павялічваецца выпуск вяндліны і каўбас. Такая прадукцыя мае больш працяглы тэрмін захоўвання, яе можна дастаўляць на аддаленыя рынкі.
Адным словам, самае вялікае прадпрыемства раёна мае значныя перспектывы росту, і гонар калектыву іх забяспечыць.
Л. МАТЭЛЕНАК.