У час "прамой лініі" з дырэктарам цэнтра банкаўскіх паслуг №213 філіяла №214 ААТ "ААБ Беларусбанк" Алене Мікалаеўне Юшкевіч былі зададзены наступныя пытанні:
— Ці можна ў вас аформіць міжнародную пластыкавую картку бясплатна?
— Так. Узнагароджанне не спаганяецца пры наяўнасці ў кліента карт-рахунка ў "Беларусбанку" і пры ўмове паступлення на яго ў безнаяўным парадку сум заработнай платы, іншых выплат ад наймальніка, а таксама пенсій, стыпендый, дапамог, аліментаў, дывідэндаў і асабістага даходу прадпрымальніка на працягу трох апошніх месяцаў. Пры тым доля безнаяўных аперацый па карт-рахунках за кожны месяц за гэты перыяд павінна складаць не менш за 30% агульнага аб'ёму расходных аперацый з выкарыстаннем карткі.
Адначасова на такіх жа ўмовах можна бясплатна падключыць паслугу "Інтэрнэт-Банкінг". Звяртайцеся ў аддзел рознічнага бізнэсу.
— Я пенсіянерка, але працягваю працаваць. У мяне ёсць пластыкавая картка вашага банка, на яе мне залічваюць заробак. Ці можна на яе залічваць і пенсію?
— Можна, але на тую картку вам штомесяц налічваюць працэнты ў памеры 0,5% гадавых. Таму больш выгадна аформіць пенсійную плацёжную картку з налічэннем павышанага працэнта на рэштак сродкаў у памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка (цяпер гэта 27%). На яе можна залічваць і заробак, іншыя даходы.
Пенсійная плацёжная картка прадастаўляе шмат іншых карысных магчымасцяў. Напрыклад, наваполацкі Дом гандлю робіць скідку ў 2%, а некаторыя іншыя гандлёвыя і сэрвісныя ўстановы-яшчэ большыя.
З заявай на пенсійную плацёжную картку звяртайцеся ў аддзел рознічнага бізнэсу ці ў любое аддзяленне ЦБП.
— Якія падарункавыя карткі вы прадаеце і што з імі можна рабіць?
— Стыльная і элегантная падарункавая картка Maestro дазваляе праводзіць безнаяўныя плацяжы ў арганізацыях гандлю і сэрвісу, у інфакіёсках, банкаматах, з мабільнага тэлефона, а таксама атрымліваць наяўныя грашовыя сродкі. Упакаваная ў прыгожы канверт, яна стане жаданым падарункам родным і блізкім людзям. Яе заўсёды можна папоўніць і карыстацца на ўсёй тэрыторыі рэспублікі.
Набыць картку можна ў аперацыйным аддзеле пры першапачатковым узносе не менш за 50000 рублёў. Сама картка каштуе 25 тыс. рублёў. На ёй указаны тэрмін дзеяння.
Дні нараджэння, памятныя падзеі, святы — вось повад звярнуцца за падарункавай карткай.
— Ці магу я ў Беларусбанку заплаціць за навучанне за мяжой, што для гэтага патрэбна?
— Гэта магчыма зрабіць з дапамогай міжнароднага банкаўскага пераводу ў адрас юрыдычнай ці фізічнай асобы, у тым ліку і на ўласнае імя. Звярніцеся ў аперацыйны аддзел ЦБП з дакументам, які засведчвае асобу, і плацёжным даручэннем у двух экзэмплярах (можна раздрукаваць з нашага сайта). За ўзнагароджанне плацёжнае даручэнне запоўніць работнік банка. У выпадку аплаты тавараў, паслуг прад'явіце дакумент-падставу, які пацвярджае здзяйсненне грамадзянска-прававой здзелкі (копія дагавора аб выкананні работ, куплі-продажу, рахунка-фактуры, а таксама інфармацыя з інтэрнэта). Для запаўнення плацёжнага даручэння неабходны наступныя рэквізіты: найменне банка-атрымальніка, яго код, прозвішча, імя, імя па бацьку атрымальніка ці найменне арганізацыі, нумар рахунка атрымальніка, калі перавод у расійскіх рублях, дадаткова прадастаўляюцца карэспандэнцкі рахунак банка-атрымальніка і код валютнай аперацыі.
Кошт гэтай паслугі залежыць ад валюты і складае 12-14 долараў ЗША.
— Ці выдае ваш банк крэдыты на пакупку тавараў і на якіх умовах?
— Крэдыты на спажывецкія патрэбы выдаюцца грамадзянам, якія пастаянна жывуць і працуюць (атрымліваюць пенсію на рахунак у "Беларусбанку") у населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 20 тыс. чалавек. Выдача робіцца безнаяўным пералічэннем на рахункі трэціх асоб крэдытнай банкаўскай плацёжнай карткай. Крэдыт можна ўзяць на 1 год пры ўплаце працэнтаў у памеры стаўкі рэфінансавання + 12 працэнтных пунктаў (цяпер гэта 39%) і тэрмінам на 5 гадоў з уплатай працэнтаў у памеры стаўкі рэфінансавання + 14 працэнтных пунктаў (41%).
Выдаюцца крэдыты на спажывецкія патрэбы "Праверана часам" кліентам "Беларусбанка", якія з'яўляюцца ўладальнікамі разліковых рахункаў, укладных рахункаў да запатрабавання, што адкрыты ў рамках зарплатных праектаў. Крэдыт прадастаўляецца ў выглядзе аднаўляемай крэдытнай лініі з выкарыстаннем міжнароднай крэдытнай банкаўскай плацёжнай карткі тэрмінам дзеяння да 3-х гадоў з наступным яе перавыпускам на новы тэрмін да дасягнення крэдытаатрымальнікам узросту 57 гадоў. Працэнтная стаўка складае 40% для крэдытаатрымальнікаў, якія маюць станоўчую крэдытную гісторыю, і 41%, калі такой крэдытнай гісторыі няма. Узнагароджанне за зняцце наяўных грошай у банках і банкаматах "Беларусбанка", а таксама за выдачу і перавыпуск міжнароднай крэдытнай банкаўскай плацёжнай карткі не спаганяецца. Уплата працэнтаў робіцца за фактычны час карыстання крэдытам.
— Падкажыце, на які ўклад лепш пакласці грошы, каб можна было пры першай неабходнасці іх зняць, але і атрымаць добры даход?
— Прапаноў нямала. У вашым выпадку грошы можна размясціць у беларускіх рублях на тэрміновы банкаўскі ўклад "Ашчадны" са стаўкай 29% гадавых. Дадаткова з 29 сакавіка "Беларусбанк" устанавіў заахвочвальны дадатковы даход у 4% гадавых. Тэрмін захоўвання ўкладу тры гады, але пасля трох месяцаў можна здзяйсняць расходныя аперацыі ў любой суме без пераразліку даходу. Пры здзяйсненні расходных аперацый у памеры, які перабольшвае капіталізаваныя працэнты, да заканчэння першых 3 месяцаў захоўвання, выплачваецца даход у 9% гадавых. Магчыма папаўненне і адкрыццё ўкладу на імя іншай асобы пры першапачатковым узносе 100 тыс. рублёў.
Можна размясціць беларускія рублі на 15 дзён на тэрміновы банкаўскі ўклад "Гарантаваны даход" з фіксаванай стаўкай 30% гадавых.
У замежнай валюце тэрміновы банкаўскі ўклад "Ваш выбар" у доларах ці еўра пад 4,5% гадавых пры суме да 2000 уключна, у расійскіх рублях да 50 тысяч, пры большых сумах стаўка павышаецца да 5% гадавых. Пры захаванні ўсіх умоў пры вяртанні ўкладу выплачваецца дадатковы прэміяльны даход у 0,5% гадавых. Тэрмін захоўвання—3 гады, мінімальны першапачатковы ўзнос 100 долараў ці еўра, 3000 расійскіх рублёў. Пасля першых трох месяцаў захоўвання можна здзяйсняць расходныя аперацыі ў суме капіталізаваных працэнтаў.
Для вызначэння эфектыўнасці ўкладаў параўнаем іх. Напрыклад, у вас ёсць 500 долараў ці пры курсе абмену 8670 — 4335000 беларускіх рублёў. Па тэрміноваму банкаўскаму ўкладу ў беларускіх рублях "Ашчадны" даход за месяц складзе 119,2 тыс. рублёў, па ўкладу "Гарантаваны даход"—108,4 тыс. рублёў, па ўкладу ў доларах "Ваш выбар" — 1,9 долара ці ў эквіваленце 16,3 тыс. беларускіх рублёў.
— Часта чую пра М-Банкінг, для чаго ён?
—Гэта сэрвіс дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, які дазваляе трымальнікам пластыкавых картак з дапамогай мабільнага тэлефона ў любы час і з любой кропкі свету рабіць плацяжы, а таксама кантраляваць усе аперацыі ў рамках гэтай паслугі, атрымліваючы на адрас электроннай пошты выпіску.
М-Банкінгам могуць карыстацца як трымальнікі картак "Беларусбанка", так і іншых банкаў рэспублікі. Усе аперацыі ажыццяўляюцца з дапамогай аўтаматычна фарміруемых і адпраўляемых паведамленняў, што аплачваюцца па тарыфах аператара мабільнай сувязі. Права карыстання паслугай прадастаўляецца на 30 каляндарных дзён з моманту аплаты па вашай згодзе і падаўжаецца пасля чарговага плацяжу адпаведна тарыфам, якія дзейнічаюць на гэты момант. Цяпер найбольш актуальныя наступныя пакеты паслуг: "Эканомны", "Базавы" і "Поўны". Карыстальнікам "Эканомнага" даступны плацяжы і прагляд балансу, "Базавы" дадаткова паведамляе аб залічэнні сродкаў на карт-рахунак, а "Поўны" яшчэ папярэджвае пра расходванне грашовых сродкаў. Кошт пакета паслуг "Эканомны" 4500 рублёў, "Базавы" — 6500, "Поўны" — 9000 рублёў за 30 дзён.