Калі вы паставілі перад сабой мэту загарэць, памятайце, што пры доўгім знаходжанні на сонцы скура можа згарэць, пакрыцца пухірамі і злезці. Шкодна загараць людзям са светлымі скурай і валасамі, у каго на целе шмат вялікіх радзімак (больш 1,5 см) і пігментных плям.
У першыя некалькі дзён знаходжання на сонцы неабходна карыстацца сонцаахоўным крэмам. Найчасцей церпяць ад апёкаў нос, грудзі і плечы. Іх неабходна змазваць крэмам кожныя паўгадзіны. Нельга выходзіць на пляж без сонцаахоўных акуляраў і панамы. Яркае сонца можа выклікаць з’яўленне маршчынак, а валасы без галаўнога ўбора стануць цьмянымі і крохкімі. Кожныя 5-10 хвілін мяняйце становішча. Калі знаходзіцеся на пляжы больш гадзіны, неабходна схавацца ад прамых сонечных промняў пад павеццю або парасонам. Не загарайце наташчак. Лепш гэта рабіць праз гадзіну-паўтары пасля прыняцця ежы. Найбольш спрыяльны час для знаходжання на сонцы — з 9 да 11 гадзін раніцы і пасля 16.00 гадзін. Не рэкамендуецца загараць у абедзенны час, калі сонца асабліва моцна ўздзейнічае на скуру. Калі вы робіце гэта лежачы, галава павінна быць крыху прыўзнята. Перад загарам не мыйцеся з мылам, не працірайце скуру ласьёнам, адэкалонам, туалетнай вадой. Мыла разбурае ахоўнае пакрыццё скуры і абястлушчвае яе, іншыя сродкі робяць яе адчувальнай да ультрафіялетавых промняў, могуць з’явіцца карычневыя плямы. Нельга прымяняць вазелін, гліцэрын, таму што на скуры ўтвараюцца кропелькі, якія маюць эфект маленькіх збіральных лінзаў, можна атрымаць апёк. Пасля загару рэкамендуецца апаласнуць скуру пад халаднаватым душам і нанесці пажыўны крэм.
С. СКАВАРОДКА,
мікрабіёлаг.