Шаленства — адно з самых небяспечных інфекцыйных захворванняў жывёл і чалавека. Часцей за ўсё ім хварэюць лісіцы, янотападобныя сабакі, ваўкі, барсукі, сабакі, кошкі, а таксама птушкі. Размова на гэту тэму з урачом-хірургам райпаліклінікі Іосіфам Казіміравічам Каплунам.
— Як чалавек можа заразіцца шаленствам?
— У першую чаргу пры ўкусе хворай жывёлай, а найбольш небяспечныя раны ў вобласці галавы, шыі і кісцей рук. Магчыма гэта, і калі сліна трапляе на слізістыя абалонкі вачэй, носа, рота, пашкоджаную скуру.
— Па якіх прыкметах можна распазнаць заразных жывёл?
— Хворая жывёла, як хатняя так і дзікая, не слухаецца гаспадара, неспакойная і агрэсіўная, можа збегчы са двара і кідацца на людзей. У сабакі, напрыклад, адвісаюць хвост і ніжняя сківіца, цячэ сліна. Асцярожна трэба быць з дзікімі жывёламі, бо яны ў такім стане прыходзяць у населеныя пункты.
— Раскажаце пра меры прафілактыкі?
— Абавязкова трэба рабіць прышчэпку супраць шаленства хатнім жывёлам у райветстанцыі. Выгульваць гадаванцаў неабходна ва ўстаноўленых месцах, а сабак — у намордніках і на ланцужку. Не дазваляйце мець зносіны ім з бяздомнымі. Калі ж вашу жывёлу пакусае дзікі звер, абавязкова звярніцеся да ветурача. Нельга таксама забіваць жывёлу, якая пакусала чалавека, за ёй павінна быць устаноўлена 10-дзённае назіранне. Пазбягайце кантактаў з ляснымі жыхарамі, якія забрылі ў населены пункт, аб чым тэрмінова паведаміце ў ветслужбу. Пры выяўленні трупаў звяроў, не чапайце іх, не здымайце скуру і праінфармуйце ветспецыялістаў.
— Што рабіць, калі жывёла ўжо ўкусіла?
— Адразу як мага глыбей прамыць рану вадой з мылам, бо так забіваецца да 80% вірусаў, затым апрацаваць перакісам вадароду, 70% спіртам ці ёдам. Абавязкова пасля трэба звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Варта памятаць, што лепш папярэдне зрабіць прышчэпку ад шаленства. Цяпер гэта самы надзейны спосаб пазбегнуць захворвання!
Гутарыла Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.