> Здароўе > Менингококковой инфекция

Менингококковой инфекция


30-01-2013, 10:46. : gazeta

Гэтая хвароба застаецца актуальнай для Беларусі, бо лёгка распаўсюджваецца (у асноўным паветрана-кропельным шляхам), мае пярвічную сімптаматыку, падобную з іншымі вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, імкліва і цяжка клінічна развіваецца, нярэдка заканчваецца смерцю. А яшчэ яна часта “накідваецца” на дзетак ва ўзросце да 3-х гадоў і мае “маланкападобныя” формы, калі будучыню вызначаюць не гадзіны, а хвіліны.

 

Узбуджальнікі менінгакокавай інфекцыі заўсёды ёсць сярод насельніцтва, але найбольшую небяспеку ўяўляюць бактэрыяносьбіты. Часта гэта дарослыя, якія нават не здагадваюцца аб сваёй ролі. Хвароба актывізуецца ў час эпідэміі грыпу.

Каварства гэтай інфекцыі ў тым, што спачатку яна нагадвае прастуду ці грып (крыху павышаецца тэмпература цела, з’яўляюцца галаўны боль, пяршэнне ў горле, насмарк). Калі несвоечасова звярнуцца да ўрача, потым можа пачацца запаленне мазгавых абалонак.

 

Магчымы таксама востры, бурны пачатак на фоне поўнага здароўя. Напрыклад, дзіця легла спаць зусім здаровым, а ноччу стала неспакойным, адчувае мышачную слабасць, калі размаўляе — скардзіцца на моцны галаўны боль, які не здымаюць звычайныя абязбольваючыя сродкі. На працягу гадзіны тэмпература павышаецца да 39-40 градусаў, праз 5-6 гадзін пачынаецца ванітаванне, якое не прыносіць аблягчэння. Але самы грозны сімптом — высыпка. Спачатку гэта бледна-ружовыя зорачкі (за першыя суткі — у 80% хворых), колькасць якіх павялічваецца. На гэтай стадыі трэба тэрмінова клікаць урача.

 

Такая форма менінгіту небяспечная таксіка-септычным шокам з-за кровазліцця ў жыццёва важныя органы. Таму чым раней бацькі звернуцца за меддапамогай, тым лепш і абавязковай стане шпіталізацыя.

 

Найбольшая верагоднасць захварэць і заразіць іншых у асоб, якія маюць хранічныя фарынгіт, танзіліт, ларынгіт. Таму калі адчулі праблему з насаглоткай — скарыстайцеся марлевай маскай, асабліва калі ў сям’і ёсць дзеці.

Для прафілактыкі хваробы больш гуляйце з дзіцяці на свежым паветры, але не карыстайцеся грамадскім транспартам, не заходзьце надоўга ў магазіны, на рынкі, іншыя мясціны, дзе шмат людзей. Не збірайце ў жыллі, дзе ёсць немаўля, гасцей. Не забывайце пра праветрыванне памяшканняў і іх вільготную ўборку з выкарыстаннем дэзінфіцыруючых сродкаў, паўнацэннае і збалансаванае харчаванне, вітаміны і мікраэлементы, закальванне.

Яшчэ раз напомню, што вынік лячэння менінгакокавай інфекцыі ў дзяцей залежыць ад ранняга звароту за дапамогай да ўрача.

 

С. БІРУКОВА,

намеснік галоўнага ўрача.