У Беларусі больш палавіны загаранняў у жыллі адбываецца з-за непатушаных цыгарэт. Іх ахвярамі становяцца каля 70% ад агульнай колькасці загінуўшых у агні.
Зусім нядаўна, 25 верасня, у Петрыкаўскім раёне на Гомельшчыне адначасова загінула 5 чалавек, у тым ліку трое дзяўчынак. Уратаваўся праз акно толькі 10-гадовы хлопчык. Выявілася, што загаранне адбылося ад непатушанай цыгарэты, ад якой пачала тлець пасцельная бялізна.
Сёлета за 9 месяцаў у рэспубліцы з-за неасцярожнага абыходжання з агнём загінула 650 чалавек, большасць з іх заснула, не патушыўшы цыгарэту...
Памылкова лічыць, што аматары пакурыць у ложку не здагадваюцца аб небяспецы сваёй звычкі. Але яны сцвярджаюць, што трымаюць сітуацыю пад кантролем.
Паменшыць колькасць пажараў ад курэння ў ложку маглі б самазатухаючыя цыгарэты, якія ўжо прадаюцца ў ЗША, Фінляндыі, Аўстраліі. З 17 лістапада ў краінах ЕС уступае ў сілу закон, па якому цыгарэты павінны гаснуць, калі курыльшчык не зацягваецца.
Здаецца, знойдзены сродак у барацьбе з “цыгарэтнымі пажарамі”, але выкарыстанне французскай самазатухаючай паперы павышае кошт курыва ў 3-4 разы.
Выйсцем магла б стаць айчынная аналагічная папера. Пытанне аб яе распрацоўцы ўзнята на Савеце Міністраў сёлета ў маі. Яшчэ адным спосабам паменшыць колькасць пажараў магла б стаць пасцельная бялізна, якая дрэнна загараецца. І ў гэтым напрамку пачаты работы.
Але ці знойдуць прымяненне новаўвядзенні на практыцы — пакажа час.