Па палетках сельгаспрадпрыемстваў праходзяць паветраныя лініі электраперадач напружаннем 10 кВ. Пад імі ці зусім блізка нярэдка ўстанаўліваюцца перасоўныя даільныя ўстаноўкі, будкі для пастухоў. Гэта грубае парушэнне правілаў бяспекі, якое чамусьці настойліва не заўважаюць ні галоўныя спецыялісты, ні кіраўнікі гаспадарак, хаця рэгулярна прыязджаюць на палеткі да статка. І ніякіх асаблівых высілкаў, каб выправіць сітуацыю, не трэба: перацягнуць абсталяванне на дзесятак метраў далей— і толькі. Аб тым, што лепей бяду папярэдзіць, чым чакаць пакуль гром грымне, ведаюць усе. Чаму ж у шэрагу гаспадарак беспадстаўна рызыкуюць жыццём людзей? А калі прыходзіць бяда, цяжка ўздыхаюць і кажуць: “Мы ж не думалі, што так здарыцца”. Такі выпадак некалькі гадоў назад адбыўся летам у Гомельскай вобласці. Пастух рамантаваў электраагароджу для выпасу жывёлы. Калі нацягваў провад, ён нечакана абарваўся, замартызаваў і перакрыжаваўся з провадам лініі 10 кВ. Жывёлавод у выніку далейшых неабдуманных дзеянняў трапіў пад высокае напружанне, атрымаў сур’ёзную траўму, якая прывяла да ампутацыі нагі і кісцяў рук.
Каб пазбегнуць падобных выпадкаў, заклікаем не толькі работнікаў жывёлагадоўлі, але і іншае насельніцтва захоўваць правілы бяспекі ля паветраных ліній электраперадач, пад якімі нельга ставіць транспартныя сродкі, сельгасагрэгаты, устанаўліваць абсталяванне, складзіраваць кармы. Нельга падыходзіць да абарваных ці навісшых правадоў бліжэй 10 метраў, спрабаваць іх абрэзаць, замацаваць ці адкінуць—гэта вельмі небяспечна для жыцця.
У. ТОМКА,
начальнік раённай энергаінспекцыі.