газета Миорские новости > Грамадства > Праздник — для юных вкладчиков

Праздник — для юных вкладчиков


4-01-2014, 09:17. Разместил: gazeta

Праздник — для юных вкладчиков
Напярэдадні Новага года ў РДК прайшло свята, арганізаванае работнікамі РКЦ №16 г. Міёры філіяла  ААТ "Белаграпрамбанк" Віцебскага абласнога ўпраўлення для сваіх самых юных укладчыкаў, якія маюць грашовыя зберажэнні па рэкламнай акцыі "Дзіцячая ашчадная праграма "Расці вялікі!" Хлопчыкам і дзяўчынкам, якіх запрасілі на ўрачыстасць, спадабалася і казачная праграма з удзелам Дзядулі Мароза са Снягуркай, і падарункі, уручаныя прадстаўнікамі банка.

 

— Наша дачушка яшчэ не ходзіць у школу, а ўжо, дзякуючы нам, бацькам, мае пэўныя грашовыя накапленні, — расказвае матуля, якая некалькі гадоў назад адкрыла ўклад на імя дзіцяці. — І цяпер нас, як і іншых маленькіх укладчыкаў, штогод работнікі аграпрамбанка не забываюцца павіншаваць і на дзень нараджэння, і на Новы год, што, канешне, прыемна.

 

— Віншаванне з днём нараджэння — гэта адна з умоў рэкламнай акцыі. А вось правядзенне навагодніх святаў — асабістая ініцыятыва нашага разлікова-касавага цэнтра, — адзначае  намеснік начальніка банкаўскай установы Людміла Іванаўна Хован. — Нагадаю, што "Дзіцячая ашчадная праграма "Расці вялікі!" дзейнічае з 2008 года. І за гэты перыяд многія бацькі ўжо скарысталіся прадастаўленай магчымасцю адкрыць на дзяцей дэпазіты.

Ва ўзросце да 16 гадоў  у нас цяпер ёсць 97 укладчыкаў. Самым юным з іх — некалькі месяцаў. Прыемна, што некаторыя таты і мамы, бабулі і дзядулі з першых месяцаў жыцця дзіцяці турбуюцца пра яго будучыню. Адкрыццё укладаў на малых садзейнічае і павышэнню фінансавай граматнасці падрастаючага пакалення, развіццю ў іх цікавасці да банкаўскіх паслуг.

 

Да святочна-дзелавой размовы далучылася маладая сям'я з хлопчыкам-школьнікам:

— У рамках акцыі "Расці вялікі!" грамадзянін, які адкрывае ў банку ўклад, можна бясплатна аформіць дзве банкаўскія пластыкавыя карткі: адну — на сваё імя, другую — на дзіцяці, якому споўнілася 6 год. У нас яны ўжо былі, а вось для сына — гэта добры падарунак, няхай вучыцца карыстацца, планаваць расход "уласных" грошай.

 

Работнікі банка патлумачылі, што сярод тых, хто аформіў дэпазіт, арганізуюцца рэкламныя гульні (розыгрышы). Напрыклад, сёлета пераможца гульні  "Падары мару", якая праводзілася сярод юных укладчыкаў рэспублікі, заахвочаны трохдзённай паездкай (на дваіх дарослых і дзіця да 11 гадоў) у Парыж у парк "Дзіснэйлэнд". Напэўна, не менш радасна было атрымаць і грашовы падарунак  у памеры 5 000 000 рублёў. Акрамя таго разыграны MP3-плэйеры, гульнявыя прыстаўкі…

 

Праздник — для юных вкладчиков
Прыемнай асаблівасцю рэкламнай акцыі "Дзіцячая ашчадная праграма "Расці вялікі!" з'яўляецца і тое, што бацькі падлеткаў, на імя якіх раней быў адкрыты ў банку дэпазіт і зберажэнні захоўваліся не менш чым 1000 дзён, маюць права, пасля дасягнення юнымі ўкладчыкамі 16 гадовага ўзросту, аформіць крэдыт "Студэнцкі" ( на льготных умовах!) для аплаты вучобы.

 

— А я некалькі гадоў назад адкрыла ўклад на імя ўнучкі. На той час паклалі на захоўванне ў банк адзін мільён рублёў, і цяпер вось разам з малой ля ёлкі радуемся навагодняму святу, арганізаванаму банкірамі, — зазначае пажылая жанчына, якую малая цягне ў карагод.

 

— Сёлета першапачатковы ўнёсак па дэпазіту "Расці вялікі!" павялічыўся да 3 мільёнаў, але ж адпаведна і сума па працэнтных налічэннях за захоўванне грошай будзе намнога большай, — дадае Л. І. Хован.

 

Пакуль мы гутарылі са спецыялістамі банка і дарослымі, малыя танцавалі ля ёлкі, гулялі з казачнымі персанажамі, расказвалі вершы. Іх вочы то іскрыліся смехам, то застывалі ў здзіўленні… І многія дарослыя зазначалі, што нават дзеля такой навагодняй радасці варта адкрыць у банку дзпазіт на дзіця,  бо не ў грашах жа шчасце.., хаця добра, што і іх, дзякуючы высокім працэнтным стаўкам па адкрытых укладах, прыбаўляецца.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


Вернуться назад