Кандыдаты ў Прэзідэнты Беларусі атрымаюць права на два 30-хвілінныя выступленні ў тэлеэфіры (з 19.00 да 20.00) і два 30-хвілінныя—на радыё (з 6.10 да 6.40). Такое рашэнне змяшчаецца ў прынятай 14 кастрычніка ЦВК пастанове.
Кандыдаты ў Прэзідэнты змогуць бясплатна выступіць у некалькіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, сярод якіх Першы канал беларускага радыё, Першы нацыянальны канал, цэнтральныя газеты “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Звязда”, “СБ”, а таксама абласныя газеты.
Акрамя таго, кандыдаты змогуць прыняць удзел у тэледэбатах. Для гэтага не пазней як 26 лістапада яны павінны будуць падаць адпаведную заяву ў Белтэлерадыёкампанію. Назначаць дату правядзення дэбатаў і вырашаць іншыя тэхнічныя дэталі будзе менавіта гэтая кампанія. У дэбатах павінны будуць прымаць удзел не менш як 2 кандыдаты. Пры гэтым ад іх могуць выступаць і давераныя асобы. Калі хтосьці з кандыдатаў не будзе ўдзельнічаць у дэбатах па сваёй віне, то ніякага дадатковага часу для іх прадастаўлена не будзе. Тое ж самае тычыцца і 30-хвілінных бясплатных выступленняў.
У ходзе гэтай перадвыбарнай кампаніі кандыдаты таксама змогуць купляць дадатковую друкаваную плошчу і эфір за кошт сродкаў з уласных фондаў.
Тэледэбаты кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі будуць паказаны ў запісе. Апанентаў кожны з кандыдатаў можа выбіраць самастойна, а вось чарговасць выступленняў будзе вызначана па выніках жараб’ёўкі.
БЕЛТА.