газета Миорские новости > Эканоміка і права > Банк. Падтрымка будзе

Банк. Падтрымка будзе


19-12-2010, 15:31. Разместил: gazeta
Аддзяленне “Белаграпрамбанка” аказвае ўсебаковую, а галоўнае—пастаянную падтрымку арганізацыям аграпрамысловага комплексу. Мы імкнёмся не проста максімальна задаволіць патрэбы кліентаў у фінансавых сродках, але і садзейнічаем больш хуткім узаемаразлікам паміж імі. Пры гэтым крэдытныя ўкладанні сёлета павялічыліся на 19,7 млрд. рублёў і дасягнулі 129,1 мільярда, у гэтай суме доля арганізацый АПК займае каля 80%.
Ажыццяўляем крэдытную падтрымку ў рэалізацыі рашэнняў прэзідэнта і ўрада. Пастаянна фінансуем веснавыя палявыя работы, выдзяляем крэдыты на набыццё насення, гаруча-змазачных матэрыялаў, мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін, запасных частак. Не застаёмся ў баку ад арганізацыі жніва, рамонту тэхнікі, выплаты заработнай платы.

У адпаведнасці з указам №332 забяспечвалі будаўніцтва буйной малочнатаварнай фермы ў СВК “Цвеціна” на 762 галавы. А гэта 14,5 мільярда рублёў. Крэдыт у 26 мільярдаў рублёў спатрэбіцца на ўзвядзенне падобнага аб’екта ў СВК “Пад’ельцы”. А яшчэ на рэканструкцыю, тэхнічнае перааснашчэнне і рамонт сельскіх вытворчых аб’ектаў накіравана 20,5 мільярда. Агульная сума крэдытаў на будаўніцтва жылля на вёсцы склала 48,6 мільярда, у выніку з’явіліся чатыры сотні дамоў.

Банк ажыццяўляе фінансаванне прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю. На наш крэдыт у 6,8 мільярда рублёў камбікормавы завод вёў нарыхтоўку збожжа летась. Сёлета на гэтыя ж мэты прадпрыемству, а яшчэ льнозаводу спатрэбілася 6,5 мільярда. Значныя сродкі накіраваны на фінансаванне мясакамбіната—19,3 мільярда, прадпрыемстваў спажыўкааперацыі—2,1 мільярда, будаўнічай галіны—2,6 мільярда.

Значны ўклад аддзялення банка ў рознічны бізнес. Прырост забяспечаны па сродках фізічных асоб. Ён склаў 1,7 мільярда рублёў і дасягнуў 8,2 мільярда. На мільярд выраслі крэдыты фізічным асобам, а ўсяго ім выдзелена 2,4 мільярда рублёў.

“Белаграпрамбанк” займаецца стымуляваннем развіцця асабістых падсобных гаспадарак. Для іх мы выдзяляем крэдыты на тэрмін да сямі гадоў пад 5% гадавых у безнаяўнай форме. Мінімальная сума 500 тыс. рублёў, максімальная—60 мільёнаў. А ўсё залежыць ад плацёжаздольнасці. Патрэбен толькі адпаведны пакет дакументаў.

Прадастаўляем крэдыты на нерухомасць, спажывецкія патрэбы. Адным словам, цеснае супрацоўніцтва суб’ектаў гаспадарання і жыхароў Міёршчыны з аддзяленнем нашага банка дазваляе раёну пастаянна ўдасканальвацца і ўмацоўваць уласную прыцягальнасць.

А. ДУБРОЎСКАЯ,
упраўляючая аддзялення
“Белаграпрамбанка”.

Вернуться назад